Золотая рыбка. Корреспондент «Рэспублiкi» отправился с инспекторами в рейд по Гомельщине

Илья КРАСОВСКИЙ, газета «РЭСПУБЛIКА»

З 1 красавіка ў Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях уводзіцца забарона на лоўлю рыбы, у Віцебскай вобласці — з 10 красавіка, а ў Брэсцкай і Гомельскай яна ўжо дзейнічае. У перыяд забароны, звязанай з нерастам рыбы, дазволена толькі аматарская лоўля з берага і толькі адной вудай, маламернымі суднамі карыстацца забаронена. Каб пераканацца, як гэтыя патрабаванні выконваюцца рыбакамі, карэспандэнт «Рэспублiкi» разам з інспектарамі аховы жывёльнага і расліннага свету выйшаў у рэйд.

2019.03.29.04.jpg

У сетцы закона

За кожную незаконна здабытую рыбіну парушальнікі абавязаны пакрыць прычыненую прыродзе шкоду, якая ў перыяд забароны вылічваецца ў трохразовым памеры. Напрыклад, за акуня ці плотку, злоўленых падчас вясновага нерасту, прыйдзецца заплаціць па тры базавыя велічыні штрафу, за шчупака — 9, сом пацягне на 12, судак — на 18. Самы дарагі — жэрах, за адну рыбінку — 36 базавых велічынь штрафу! 

Калі памер шкоды перавысіць 100 базавых велічынь, браканьераў прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. А «назбіраць» гэтую суму шкоды вельмі лёгка. Два невялікія жэрахі і чатыры шчупакі — вось і крымінальны артыкул 281 «прыплыў». Рыба становіцца сапраўды залатой.

Акрамя нанесенай прыродзе шкоды браканьеры кампенсуюць сам кошт незаконна здабытай рыбы. З агаворкай: пры немагчымасці яе канфіскацыі і эканамічнай немэтазгоднасці далейшага выкарыстання. Так амаль заўсёды і бывае, таму што здабытую рыбу павінна праверыць санітарна-эпідэміялагічная экспертыза, паслугі якой абыдуцца ў некалькі соцень рублёў.

Людзі ў зялёным

Магутны Днепр абмывае Жлобін. Менавіта з супрацоўнікамі Жлобінскай міжраённай інспек­цыі аховы жывёльнага і расліннага свету я выйшаў у рэйд на браканьераў. Вотчына інспекцыі шырокая: акрамя Жлобінскага яшчэ Рагачоўскі, Кармянскі, Чачэрскі і Буда-Кашалёўскі раёны.

Толькі з пачатку года мясцовыя інспектары канфіскавалі ў браканьераў два кіламетры сетак. Дарэчы, зараз у краіне дзейнічае акцыя «Здавайце сеткі» для патэнцыяльных браканьераў. Здаў сеткі добраахвотна — толькі паўшчуваюць, а калі інспектары ці міліцыя знойдуць — штраф ад 5 да 50 базавых велічынь.

2019.03.29.05.jpg

Прага нажывы часам нясцерпна вабіць некаторых рыбакоў. А пасля таго як іх ловяць, выгінаюцца, што той шчупак, прапануюць інспектарам падказку «50 на 50» — рыбу падзяліць, грошы. А ў адказ — цішыня. Больш хітрыя браканьеры сочаць за рухам інспектараў, ставяць людзей на шухеры ля падыходаў да рэк, пакуль «калегі» здымаюць сеткі. Аматары рыбалкі сеткамі нават стварылі ў інтэрнеце групу «зялёныя», дзе абменьваюцца дадзенымі аб перамяшчэнні інспектараў. Таму тыя часцяком працуюць у грамадзянскім адзенні і на асабістым транспарце.

Хлопцы з маёй кантрольнай групы не спяшаліся раскрываць свае прозвішчы, але як жа тады пісаць — інспектар нумар адзін, два, тры? Так не пойдзе. Аляксандр Бандарэц — вадзіцель, Вячаслаў Жукаў — дзяржаўны інспектар і Мікалай Кручкоў — намеснік начальніка інспекцыі, такім складам мы будзем шукаць браканьераў.

Унеслі ў маршрут заданне. У мясцовым РАУС атрымалі зброю — два аўтаматы і сігнальны пісталет. У асноўным страляць, нават у паветра, не прыходзіцца — пярцовы балончык нядрэнна ўціхамірвае запал правапарушальнікаў.

Па Дняпры пойдзем на лодцы, таму ўзяў з сабой сухпай і напіўся чаю на запас, апрануўся па-баявому: боты, непрамакальныя штаны, на галаве цёплая балаклава — адным толькі выглядам наганяць страху на браканьераў.

Перад спускам на ваду праехаліся па наваколлі горада, з берага шукаем сеткі і лодкі ў зарасніках. Машыну пакінулі за кіламетр, да вады — пешшу. Вячаслаў Жукаў углядаецца ў водную роўнядзь:

— У асноўным рыбакі ставяць сеткі глыбінёй паўтара метра. Чапляюць іх за пучкі травы, кусты або калкі пад вадой.

Пакуль прыкмет дзейнасці браканьераў не заўважылі.

Двое ў лодцы, не лічачы цеплавізар

Браканьеры выходзяць на промысел пасля захаду сонца. Дачакаліся змяркання. Спусцілі лодку ў Днепр ужо пад шчыльным покрывам ночы — лішняя засцярога і маскіроўка не перашкодзяць.

2019.03.29.06.jpg

На лодцы з Мікалаем Кручковым пройдзем 20 кіламетраў. Прыблізны час на дарогу — каля дзвюх гадзін. Чаму так доўга — плывём амаль на халастых, каб не выдаваць сябе, перагаворваемся шэптам. А рухавік у нас «Хонда» — 50 конскіх сіл. Моц! Калі прыйдзецца — куляй ірванём у пагоню. Убачым браканьераў значна раней, чым яны пачуюць нас, дзякуючы цеплавізару, у яго оптыцы покрыва ночы рассейваецца.

Мікалай Кручкоў усяго на пару гадоў старэйшы за мяне, а ўжо намеснік начальніка інспекцыі. Чалавек жыве працай. Прасядзець у засадзе пяць гадзін, а потым па пояс у вадзе гнацца за парушальнікам для Мікалая звычайная справа.

Купал неба зоркі вышылі бліскучай коўдрай, яна накрыла ціхія воды Дняпра. Штыль. Вакол ні гуку, толькі тарабаніць нешта на сваім японскім наш рухавік. Раптам Мікалай Кручкоў ажывіўся. Цішэй адпусціў кароткае: 

— Бачу лодку.

Прычальваем бліжэй. У апошні момант паскараемся. Фактар нечаканасці. Ліхтаром інспектар асляпіў людзей у лодцы: 

— Стаяць, дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету!

Адрэналін ударыў у кроў усіх удзельнікаў гэтай сцэны. Аднак у лодцы плылі звычайныя паляўнічыя, яны сплаўляліся з дзічынай. Усе патрэбныя дакументы ў іх на руках.

Добры ўлоў

А першай гадзіне ночы нам патэлефанавалі інспектары з Мазыра, злавілі браканьераў, тым пагражае крымінальны артыкул. 

Едзем. Шлях няблізкі — тры гадзіны. Надвор’е супраць нас. Бачнасць нулявая. У лабавое шкло цаляюць буйныя камякі снегу, нібы ляціш у зоркалёце. Затрымалі браканьераў каля вёскі Балажэвічы, што ў пойме Прыпяці, самай рыбнай ракі ў краіне, дарэчы.

2019.03.29.07.jpg

Незаконны ўлоў — 17 ляшчоў і адзін жэрах. Агульная вага рыбы 27 кілаграмаў — нанесена шкода на 4819 рублёў, плюс кошт рыбы 91 рубель.

Браканьеры — простыя мясцовыя мужыкі. Стаяць паніклыя:

— Дзецям паесці рыбу лавілі. 

Ці варта верыць браканьерам?

— Чаму тады сеткамі, пра забарону чулі? — удакладняю.

— Так, але пераблыталі дні, думалі, яна заўтра пачынаецца, — апраўдваюцца гора-рыбакі.

Надзіманую лодку канфіскуюць, рыбу забяруць як доказ. Браканьеры ішлі за лёгкай здабычай, а ў выніку апынуліся без лодкі, улову, з вялікім штрафам і паўстануць перад судом. На іх разгубленых тварах застыла нямое пытанне — а ці варта было яно таго?



Если вы заметили ошибку, выделите ее мышкой
и нажмите Ctrl+Enter

Fatal error: Allowed memory size of 536870912 bytes exhausted (tried to allocate 321030528 bytes) in /var/www/gosinspekciya/data/www/gosinspekciya.gov.by/bitrix/modules/machete.smtpmail/classes/general/functions.php on line 33