Один день из жизни молодого инспектора

02 февраля 2018 г.

Наталля Лубнеўская, «ЗВЯЗДА»

Днямі Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь адзначыла юбілей — 15 гадоў. Штодзень яе работнікі стаяць на варце прыроды. Сярод дзяржінспектараў хапае маладых: кожны шосты — ва ўзросце да 30 гадоў. З адным з іх, Іванам РАДЗЕВІЧАМ, мы і адправіліся ў рэйд.


У рэйд — на двое сутак

...Дзевяць раніцы. На месцы сустрэчы чамусьці шукаю вачыма старэнькі УАЗік. Але замест яго нас з фатографам падбірае пікап японскай маркі. Нечакана.

— Аўтапарк абнавілі. «Буханак» ужо практычна не засталося: для пагоняў за браканьерамі, якія раз'язджаюць на джыпах, гэта не самая прыдатная машына, — тлумачыць старшы дзяржінспектар Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Іван Радзевіч, а мы заскокваем у пікап.

У дарозе 23-гадовы хлопец расказвае пра сябе. Па адукацыі ён юрыст: скончыў Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО». Пасля працаваў судовым выканаўцам. У той прафесіі, заўважае Іван, можна атрымаць шмат юрыдычнага вопыту. Але большую частку часу аднімалі не абходы даўжнікоў, а папяровая работа. Сядзець у кабінеце хлопцу не хацелася. Таму праз тры месяцы ён звольніўся і, калі ўбачыў вакансію дзяржінспектара, якая абяцала шмат руху і прыгод, вырашыў паспрабаваць сябе ў новай прафесіі.

Спачатку — стажыроўка. Месяц Іван ездзіў у рэйды ў якасці грамадскага інспектара. Пасля трапіў у штат. Па заканчэнні выпрабавальнага тэрміну хлопца чакаў экзамен. Для гэтай работы трэба ведаць заканадаўства ў сферы аховы прыроды і быць фізічна падрыхтаваным. З апошнім у Івана праблем няма: у школьныя гады ён займаўся веславаннем і мае званне кандыдата ў майстры спорту.


Рэйд у інспектараў цягнецца два дні. Начуюць у машыне. Спачатку, прызнаецца Іван, было цяжка прывыкнуць да новага графіка. Дый спаць у аўто не тое самае, што ў дамашнім ложку. Але праз два тыдні адаптаваўся.

З экіпіроўкі ў інспектараў бінокль, компас (хоць часцей карыстаюцца картамі на смартфоне), прыборы начнога бачання, наручнікі, аўтаматы. У групе — у яе складзе тры і больш чалавек — мінімум двое мусяць быць узброены.

— Я працую тут восем месяцаў. Прымяняць аўтамат, на шчасце, яшчэ не даводзілася. Наша галоўная зброя — слова. Размаўляем з правапарушальнікамі тактычна і ветліва. Не заўсёды, вядома, праходзіць гладка. Некаторыя пачынаюць біцца ці спрабуюць уцячы. Многія стараюцца падмануць, каб пазбегнуць адказнасці. Прыдумваюць розныя адгаворкі: забыўся, не ведаў, — дзеліцца Іван.

Рыбакі марозу не баяцца


На кантролі — тэрыторыі, дзе найбольш часта здзяйсняюцца правапарушэнні. Адна з такіх «гарачых кропак» — Мінскае мора. Там і спыняемся. Кіроўца застаецца ў машыне, а мы кіруемся да рыбакоў.

Выходзім на лёд. Па шчырасці, я ўпершыню ў жыцці рызыкнула прагуляцца па замёрзлым вадаёме. Бо, па-першае, у дзень нашага дзяжурства раніцай было 16 градусаў марозу і таўшчыня лёду перавышала 15 сантыметраў, а па-другое — ну чаго хвалявацца, калі ў цябе такое суправаджэнне?

Інспектар правярае, ці ўсе рыбачаць па правілах. Так, для лоўлі шчупака чалавек можа выкарыстоўваць не больш за пяць прылад — ставак (ці не больш за дзесяць — для членаў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў). Усе яны мусяць быць падпісаны. Пакідаць стаўкі без нагляду нельга.

Сёння ўсё ў парадку. Акрамя аднаго — не клюе.

— Вось усё, што трапляецца на кручок, — паказвае нам мужчына рыбінку даўжынёй сантыметраў пяць.

— І доўга вы сядзець тут будзеце? — пытаюся ў рыбака і нацягваю капюшон.

— Да вечара.

— У такі мароз?!

— У мяне вунь палатка стаіць, буду грэцца. Там і канфорка ёсць, каб прыгатаваць гарачанькага паесці.


Аднаму рыбаку нарэшце пашанцавала — выцягнуў з лункі шчупака кілаграма паўтара вагой. Пакуль вяртаемся да машыны, высвятляем, што Іван таксама захапляецца рыбалкай. Па ўлоў ездзіць у мясціны, знаёмыя з дзяцінства, — у Барысаўскі раён, дзе жывуць яго сваякі.

Калі чакаеш у засадзе

Далей па маршруце — лясгасы Пухавіцкага раёна. У канцы студзеня, калі праходзіў наш рэйд, было адкрыта паляванне на зайца і аленя. Хобі гэта не з танных. Так, за аднаго здабытага аленя ў Мінскай вобласці неабходна заплаціць 900 рублёў, а калі ён трафейны (у такіх жывёл чатыры і больш адросткаў на кожным рагу) — 1200. Але адчуйце розніцу: здабыты незаконна, той жа алень абыдзецца ў 7350 рублёў.

Збочваем на машыне да лесу. Інспектары прыглядаюцца, ці ёсць свежыя сляды — воза, чалавека, сабакі. Калі ёсць, ідуць праверыць, што адбываецца на месцы. За дзень даводзіцца намотваць нямала кіламетраў. «Затое з такой работай не патаўсцееш», — смяецца Іван.

Яны з калегам, дарэчы, за некалькі дзён да нашага сумеснага рэйду затрымалі ў Смалявіцкім раёне двух браканьераў. У іх была пуцёўка на здабычу пушнога звера, але ў кішэнях у мужчын знайшлі кулі і карцеч. Значыць, яны мелі намер падстрэліць больш буйную жывёлу, бо пры паляванні на зайца можна выкарыстоўваць толькі шрот (шарыкі дыяметрам да пяці міліметраў). Цяпер правапарушальнікам належыць выплаціць штраф — ад 20 да 50 базавых велічынь (гэта мінімум 490 рублёў).


Нярэдка інспектарам даводзіцца чакаць у засадзе. Калі паляўнічы яшчэ ў лесе, праз нейкі час абавязкова раздасца стрэл ці брэх сабакі. Іван успамінае, як аднаго браканьера, калі той спрабаваў уцячы, падвяла тэхніка. Мужчына ўскочыў на матацыкл, але не змог яго завесці. У бульбяным меху, які нёс паляўнічы, аказаўся вялізны капкан. Затрыманы спрабаваў апраўдацца, што хацеў здабыць бабра, але памер капкана яўна быў разлічаны на некага больш буйнога.

Іван прызнаецца: раней не думаў, што ва ўгоддзях Міншчыны вядзецца столькі звяроў. Падчас рэйдаў хлопец бачыў казуль, ласёў, зайцоў, дзікоў. «А вось мядзведзяў не сустракаў. Хоць, кажуць, яны бываюць у лясах Лагойскага раёна».

А яшчэ інспектары натыкаюцца на... закаханыя парачкі. Усё ж такі лес — не самае лепшае месца для спатканняў.

На гук бензапілы ў лесе

Выязджаючы з лесу, заўважаем мясцовых жыхароў, якія нарыхтоўваюць дровы. Спыняемся, каб праверыць, ці ёсць на гэта адпаведныя дакументы з дазволам.

— Мы ж нічога дрэннага не робім. Наадварот, лес чысцім — звозім сухастой і паламаныя дрэвы, — інспектараў з аўтаматамі мужыкі спачатку ўспрынялі ў штыкі. Але, калі зразумелі, што гэта штатная праверка, расслабіліся. Нават расказалі пра сваю кабылу, якая «пазіравала» для некалькіх гарадскіх скульптур, што цяпер стаяць у розных кутках Беларусі.


Дакументы знайшліся. Іван пазней расказаў, што буйныя правапарушэнні па нарыхтоўцы лесу часцей здзяйсняюць не жыхары бліжніх вёсак, а юрыдычныя асобы. Так, неяк затрымалі прадстаўніка фірмы, які высякаў дрэвы і потым пастаўляў матэрыял за мяжу.

Інспектары шчыльна супрацоўнічаюць з калегамі па ахове правапарадку — следчымі, міліцыяй. За мінулы год у Мінскай вобласці ў браканьераў канфіскавалі 57 адзінак незарэгістраванай зброі.

...Бліжэй да вечара вяртаемся ў Мінск. Мы з фатографам — па дамах, а інспектары — зноў у палі. Іх рэйд скончыцца толькі а шостай вечара наступнага дня. Так што прырода заўсёды пад пільным наглядам.