Инспекторы проверили озеро Селява в Крупском районе. С ними в рейд отправились журналисты

13 марта 2020

Оксана НЕВМЕРЖИЦКАЯ, газета «РЭСПУБЛIКА»

Ікра па-буйному

Ззяе сонца, квітнеюць бэз і браткі: незвычайна цёплая зіма і ранняя вясна паскорылі мноства прыродных працэсаў. Вось і насельнікі вадаёмаў вырашылі абзавесціся нашчадкамі раней, чым звычайна, і сабраліся на нераст. Забарона на лоў рыбы ўстаноўлена ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях з 12 сакавіка па 18 мая, у Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай — з 22 сакавіка па 30 мая, на Віцебшчыне — з 31 сакавіка па 8 чэрвеня. Каб стварыць для рыб у перыяд нерасту максімальна камфортныя ўмовы, супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце «прачасалі» вадаёмы ў пошуках сетак, наведалі асоб, схільных да браканьерства, напомнілі насельніцтву аб адказнасці за выраб, збыт, а таксама захоўванне забароненых прылад для лоўлі рыбы і прапанавалі здаць іх. На возеры Сялява да інспектараў далучылася карэспандэнт «Рэспублiкi».

2020.03.13.01.jpg

Фьёрды па-беларуску

У Крупскім раёне, на мяжы Мінскай і Віцебскай абласцей, раскінулася возера Сялява, якое здаўна карыстаецца папулярнасцю ў браканьераў: дастаткова буйное, выцягнутае з поўначы на поўдзень, яно мае шмат зацішных заліўчыкаў і заток, куды заходзіць рыба і дзе можна схававацца ад пільных вачэй інспектараў. Сюды прыехалі супрацоўнікі Мінскай і Віцебскай абласных інспекцый, а таксама міжраённых: Барысаўскай, Бярэзінскай, Лепельскай, Гарадокскай і нават Полацкай.

— Возера падзялілі на ўчасткі, кожны з якіх даследуе адзін з шасці экіпажаў. Дарэчы, гэта яшчэ і нядрэнны абмен прафесійным вопытам, — зазначае Уладзімір Паўлаў, намеснік начальніка Віцебскай абласной інспекцыі. — Наша група даследуе паўночную частку возера, яго разлівы: ужо пачалася пераднераставая міграцыя, калі рыба выходзіць на мелкія, больш прагрэтыя ўчасткі.

На адным з невялікіх разліваў каля вёскі Высокае інспектары заўважылі двух мужчын. Пакуль ішлі да іх, тыя хутка дасталі з вады сетку, паклалі яе ў поліэтыленавы пакет і рушылі прэч ад вадаёма — насустрач прыродаахоўнікам. З сеткай і рыбай іх і затрымалі. Папаліся ў нерат толькі дзве плоткі, праўда, даволі буйныя, а вось непрыемнасцей браканьерам яны прынеслі шмат.

— Чаму ж вы з вудай не прыйшлі? — цікаўлюся.

— Так атрымалася… — паціскае плячыма адзін з мужчын. — Холадна з вудай сядзець.

2020.03.13.02.jpg

У дачыненні да «рыбакоў» складзеныя пратаколы аб парушэнні правіл рыбалоўства — сетка, безумоўна, адносіцца да забароненых прылад. Санкцыі часткі 1 артыкула 15.35 КоАП прадугледжваюць штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Давядзецца пакрыць і шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю. У дадзеным выпадку яна адносна невялікая — па 27 рублёў за рыбку.

Мужчыны завяраюць, што 44-метровую сетку знайшлі каля возера. Але калі Уладзімір Паўлаў прапануе добраахвотна здаць забароненыя прылады, адзін з іх сур’ёзна задумваецца, хмура гледзячы на зямлю. Пасля напаміну, што «нічога за гэта не будзе», ён прызнаецца: яшчэ адна сетка ёсць дома.

— Незаконная рыбалка спынена, шкода нанесена невялікая, — падводзіць вынікі Уладзімір Паўлаў. — Спадзяюся, рыбакі зробяць адпаведныя высновы і забудуцца, як лавіць рыбу сеткай. Зрэшты, зараз дазволена рыбалка з вудай. Пры захаванні норм вылаву і граматным падыходзе можна пастаянна быць з рыбай без парушэнняў і праблем.

Рыбка становіцца залатой

Пакуль парушальніка суправаджаюць да дому, каб забраць сетку, рушу да пасёлка Клішына, дзе супрацоўнікі Полацкай міжраённай інспекцыі таксама злавілі «рыбку».

2020.03.13.03.jpg

— Мы правяралі найбольш верагодныя месцы, бліжэйшыя да вёсак, дзе мясцовыя жыхары могуць раскінуць сеткі — рыба ж зараз да берага ідзе, — Станіслаў Маркоўскі, дзяржаўны інспектар Полацкай міжраённай інспекцыі, складвае ў пакет рыбу, што стала здабычай браканьера. На нашых вачах з самак шчупака літаральна цячэ ікра. На вялікі жаль, іх ужо не выратаваць, нават выпусціўшы ў ваду. Заўважылі мужчыну, які сеў у лодку і адплыў ад берага. За некалькі метраў ад чароту ён падняў дзве звязаныя паміж сабой сеткі даўжынёй 36 і 25 метраў.

— Ды не маё гэта! — абараняецца пенсіянер з Крупак. — Я ўчора на возера з вудай хадзіў і заўважыў сетку. Вось, на сваю галаву вырашыў раніцай падняць…

У нераце заблыталіся 12 плотак, 3 краснапёркі, 1 падлешчык і 2 шчупакі. Апошняе асабліва непрыемна: забарона на лоў шчупака ўжо дзейнічае, а значыць, адна асобіна «каштуе» 9 базавых велічынь — 243 рублі.

2020.03.13.04.jpg

Падчас пераднераставага кантролю возера Сялява прыродаахоўнікі канфіскавалі ў браканьераў і пры дапамозе «кошак» знайшлі ў вадзе 7 сетак агульнай даўжынёй 264 метры. Застаецца спадзявацца, што пасля гэтага жыццю рыбы ў вадаёме застанецца нашмат менш пагроз. Палявое мерапрыемства павінна мець і значны прафілактычны вынік: наўрад ці ў бліжэйшы час хто-небудзь з сялян адважыцца раскінуць там свае нераты.

Варта напомніць, што падчас нераставай забароны аматарскае рыбалоўства дазволена, але рыбачыць можна толькі адной вудай ці спінінгам і толькі з берага.




Если вы заметили ошибку, выделите ее мышкой
и нажмите Ctrl+Enter